ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” з’яўляецца сацыяльным партнёрам дзяржавы і садзейнічае рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў адносінах інвалідаў, маючай мэтай ажыццяўленне эфектыўных мер па забеспячэнні інвалідам роўных з іншымі грамадзянамі магчымасцей удзелу ва ўсіх сферах жыцця і інтэграцыі ў грамадства.
Задачы, ускладзеныя на таварыства, у раёне выконвае наша пярвічная арганізацыя. Працуем у цесным кантакце з дзяржаўнымі структурамі, арганізацыямі, грамадскімі аб’яднаннямі.
Супрацоўнічаем з раённай арганізацыяй Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, у тым ліку прымаем удзел у наладжваемых саветам ветэранаў паездках па славутых мясцінах Беларусі. Аказвае нам падтрымку і раённая арганізацыя Беларускага фонду міру.
Асаблівую ўдзячнасць хочацца выказаць сацыяльным работнікам, якія акружаюць клопатам людзей з абмежаванымі магчымасцямі, нярэдка становяцца для іх роднымі людзьмі.
Вялікую дапамогу аказваюць нам спецыялісты РЦСАН. Напрыклад, Валянціна Русецкая заўжды рыхтуе і дапамагае правесці сустрэчы пажылых людзей да розных святаў.
Амаль усе ўдзельніцы клуба “Сяброўка Восень” з’яўляюцца валанцёрамі, а гэта значыць – памочнікамі. Наладжваюць канцэрты, рыхтуюць выставы сваіх работ, падарункі, зробленыя ўласнымі рукамі, для адзінокіх, ляжачых інвалідаў.
Дапамагаюць інвалідам і састарэлым людзям у выкананні хатніх спраў мясцовыя школьнікі.
Хочацца адзначыць старшыняў нашых пярвічных арганізацый Пятра Клепчу, Ніну Нікіфараву, Людмілу Гаўрыльчык, Валянціну Паляшчук, Аляксандра Сініцкага, якія з душой ставяцца да сваёй работы, стараюцца дапамагчы адзінокім, нямоглым людзям.
Члены нашай арганізацыі – людзі з абмежаванымі магчымасцямі, але многія з іх праяўляюць актыўную жыццёвую пазіцыю. Так, былы вязень фашысцкіх канцлагераў 83-гадовая кіраўчанка Марыя Бячкова падчас мінулых парламенцкіх выбараў адна з першых прыйшла на ўчастак для галасавання, каб выказаць сваё волевыяўленне, бо яна – нераўнадушны да жыцця чалавек, актывіст таварыства, прымае ўдзел у мастацкай самадзейнасці.
Ганна Салановіч дастойна прадстаўляе наш раён на абласных фестывалях творчасці інвалідаў, іншых мерапрыемствах.
Да Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь работнікі вытворчага аддзела райспажыўтаварыства шмат год прадастаўляюць прадуктовыя наборы для ўручэння членам нашай арганізацыі. Да святочнай сустрэчы, якая наладжваецца ў РЦСАН, дапамагаюць зрабіць салодкі стол індывідуальныя прадпрымальнікі і робяць гэта ад душы.
Раённай уладай многае прадпрымаецца, каб стварыць безбар’ернае асяроддзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Так, у горадзе на аўтастаянках абазначаны парковачныя месцы для аўтатранспарту інвалідаў. Пры будаўніцтве новых аб’ектаў уладкоўваюцца пандусы.
… Як хутка ляцяць гады, надыходзіць сталасць. Многіх пажылых людзей турбуюць хваробы: гады вайны, цяжкая праца зрабілі свой адбітак на іх лёсах. І як добра, калі побач – родныя ці проста шчырыя, міласэрныя людзі.
Людміла ЛУКАНОВІЧ, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў.