Незадоўга да Дня інвалідаў мы пабывалі ў офісе Бабруйскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” — невялічкім аднапавярховым збудаванні якраз на ўездзе ў мікрараён Кісялевічы. Наша мэта: дазнацца, якімі турботамі і клопатамі жывуць людзі, аб’яднаныя агульным — стратай фізічнага, а зачастую і маральнага здароўя.
Гасцінна сустрэўшы на парозе доміка, Любоў Іосіфаўна Шушлянікава — з нядаўняга часу старшыня арганізацыі — звяртае ўвагу на перамены ва ўнутраным убранні пакояў. Апошняе, як заўважае, выканалі ўласнымі намаганнямі. Шпалеры — хто катушку, хто дзве, што засталіся пасля ўласных рамонтаў — прынеслі члены арганізацыі. Фіранкі на вокны пашыла сама з прынесеных з дому рэшткаў тканіны. Атрымалася ўтульна. І Любоў Іосіфаўна, і яе памочніца сакратарка-валанцёр Вольга Якаўлева — натуры творчыя, натхнёныя. Дзякуючы іх дызайнерскаму падыходу сцены ўпрыгожыліся сурвэткамі са шпалер, у новую ператварылася канапа ў пакоі для наведвальнікаў, сучаснае аблічча атрымаў стол у кабінеце. «Хочацца, каб людзям, якія сюды прыходзяць, было ўтульна, каб у іх жыцці было хоць колькі больш красак», — дзеліцца суразмоўца.
Любоў Іосіфаўна ў арганізацыі не навічок, хоць узначальвае яе толькі з сёлетняга лютага. Усяго два гады, як атрымаўшы інваліднасць, яна стала членам арганізацыі. Але работу гэтую і людзей добра ведае: на працягу не аднаго года была валанцёрам таварыства.
Налічваючы ў сваім складзе больш за 700 чалавек, раённая арганізацыя ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” штогод папаўняецца новымі членамі. Непасрэдна ў 2018-м у арганізацыю ўступіла 50 чалавек. “Гэта, лічу, своеасаблівы паказчык нашай работы, — адзначае старшыня. — Людзі ідуць туды, дзе ім дапамогуць. Прычым падтрымку шукаюць у большасці сваёй не матэрыяльную — хоць для іншых і гэты аспект важны, але маральную. Прыходзяць і тэлефануюць, каб быць пачутымі, панятымі, па магчымасці задзейнічанымі. Вось Міхаіл Юр’евіч Кожухаў, да прыкладу (мужчына якраз зайшоў у кабінет з кушам папер), штомесяца прапаноўвае сваю дапамогу па ажыццяўленні платы за камунальныя паслугі. Хоць, як і ў кожнага тут, са здароўем у яго не лады, сядзець на месцы гэты чалавек не хоча”.
Стаць членам арганізацыі можа кожны інвалід (1, 2, 3 групы), напісаўшы папярэдне заяву і заплаціўшы членскія ўзносы — на сёння гэта 5 рублёў на год. Можна зрабіць і добраахвотны матэрыяльны ўнёсак, але гэта пры жаданні і магчымасці. Неаднойчы на год аказваецца гуманітарная дапамога: адзенне, абутак, іншыя рэчы для малазабяспечаных інвалідаў. Аказваюць яе таксама дзецям-сіротам і шматдзетным сем’ям. Дзякуючы ўвазе і міласэрнасці да людзей з абмежаванымі магчымасцямі з боку шматлікіх арганізацый-спонсараў аказваецца таксама прадуктовая дапамога, у тым ліку да святаў. Любоў Іосіфаўна з гатоўнасцю пералічвае назвы прадпрыемстваў, выказвае шчырыя словы падзякі ўсім, хто не абыйшоў інвалідаў сёлета:
— Зрабілі цудоўнае мерапрыемства для членаў арганізацыі з нагоды святаў 8 Сакавіка і Дня абаронцаў Айчыны. разам з віншаваннямі ўручылі людзям прадуктовыя наборы з крупы і мукі. «Рэгіён-прадукт» павіншаваў тортамі ўласнага прыгатавання, якія раздалі і на «пярвічкі».
На працягу года ладзілі таксама іншыя мерапрыемствы. Асабліва членам арганізацыі спадабалася святкаванне Дня Перамогі. Сабраўшыся групай больш як у паўсотні чалавек, людзі з абмежаванымі магчымасцямі аддалі даніну памяці славутым абаронцам Айчыны. Затым размясціліся ля будыніны офіса, дзе для зручнасці ўсталяваны лаўкі, за гарбатай, сокам ад спонсараў і салдацкай кашай, прыгатаванай спецыяльна для іх палявой кухняй — паварамі мясцовай воінскай часці з грэчкі, прадастаўленай на дабрачыннай аснове ААТ «Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў». Але галоўнае — была цудоўная магчымасць сустрэцца, пагаварыць, падзяліцца набалелым, пачуць словы спагады і падтрымкі ад тых, хто сам апынуўся ў блізкай сітуацыі. Раённыя і гарадскія дзіцячыя калектывы падрыхтавалі для інвалідаў цудоўную канцэртную праграму, падаравалі шчаслівыя хвіліны адпачынку.
Увосень, да Дня пажылога чалавека, дзякуючы прадпрыемствам-спонсарам арганізацыя змагла забяспечыць членаў садавінай і агароднінай: яблыкамі ад ААТ «Міхалёўская Ніва», морквай і капустай ад ТАА «ВЕОМ», за што вялікую падзяку старшыня выказвае як кіраўніцтву арганізацый, так і ўпраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Парадаваў людзей з абмежаванымі магчымасцямі і калега па членстве ў арганізацыі Іосіф Цімафеевіч Дарафееў — паставіў на дабрачыннай аснове 100 кг вінаграду з уласнага падворка.
Не пройдзе незаўважана, па словах Любові Іосіфаўны, і Дзень інвалідаў. Дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства з гэтай нагоды зноў жа бяруцца аказаць прадпрыемствы. Да прыкладу, ПГУП «Белгандальптушка» — пастаянны спонсар арганізацыі, збіраецца вылучыць прадукты і да гэтага свята. СТАА «Рэгіён-прадукт» прадаставіць торты. Кампанія «Оазис Груп» не першы раз прапанавала сок. Не застаўся ў баку і на гэты раз мясакамбінат. Таксама членам таварыства будзе аказана гуманітарная дапамога ад дабрачынных арганізацый Магілёва.
…На тое, што дзейнасць раённай арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» — не толькі на паперы, указваюць і шматлікія словы падзякі ў адрас старшыні і праўлення арганізацыі ў Кнізе скаргаў і прапаноў. Сама ж Любоў Іосіфаўна не стамляецца дзякаваць усім, хто дбае пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі — падтрымлівае інвалідаў, нават маючы ўласныя нявырашаныя праблемы.