Главная » Кличевская РО » Ім лёс паслаў выпрабаванні

Ім лёс паслаў выпрабаванні

Іваліднасць – гэта  праблема,  якая  так  або  інакш  датычыцца  кожнага  чалавека  на  зямлі.  Убачыўшы  на  вуліцы  чалавека  ў  інваліднай  калясцы  або  маму  з  сумнымі  вачыма,  якая  спрабуе  пацешыць  сваё  не  падобнае  на  астатніх  дзіця,  мы  стараемся  адвесці  погляд  і  цалкам  абстрагавацца  ад  праблемы.  А  ці  правільна  гэта?  Ці  многія  з  нас  задумваюцца  аб  тым,  што  жыццё  непрадказальнае,  і  ў  любы  момант  бяда  можа  здарыцца  з  намі  ці  нашымі блізкімі?  Толькі  ў  нашым  раёне (Клічаўскі раён) пражывае  970  чалавек,  якія  маюць  статус  інваліда.

На  вялікі  жаль,  рэальнасць  дастаткова  жорсткая,  і  ніхто  не  ведае,  што  здарыцца  заўтра,  або  праз  месяц,  год.

Не  выпадкова  перыяд  з  1983  па  1992  год  быў  названы  дзесяцігоддзем  інвалідаў  Арганізацыі  Аб’яднаных  Нацый.  Мэта  такога  маштабнага  па  часе  праекта – павышэнне  інфармаванасці  і  прыняцця  мер  па паляпшэнні  становішча  інвалідаў  і  забеспячэнні  для  іх  роўных  магчымасцяў.  За  гэты  перыяд  быў прыняты  шэраг  міжнародных  дакументаў  у  дачыненні  да  інвалідаў, закліканых  палепшыць  становішча  гэтай  катэгорыі  грамадзян.  Па  завяршэнні  дзесяцігоддзя  Генеральная  Асамблея  ААН  абвясціла  3  снежня Міжнародным  днём  інвалідаў.  Замацаваны  Указам  Прэзідэнта  гэты  дзень  і  ў  нашай  краіне.

Як  і  ва  ўсіх  краінах  у  раёне  праводзяцца  мерапрыемствы  ў  азнаменаванне  Дня  інвалідаў,  тым  самым  нагадваюць  нам  пра  праблемы  гэтых  людзей.  А  галоўнае  назначэнне  гэтага  дня — забяспечыць  для  людзей  з  абмежаванымі  магчымасцямі  стабільную  сацыяльную  абарону  і  падтрымку,  роўныя  з  усімі  астатнімі  членамі  грамадства  правы.

Згодна  з  Канстытуцыяй,  людзі  з  абмежаванымі  магчымасцямі  маюць роўныя  правы  з  усімі  грамадзянамі  краіны.

Наша  таварыства  інвалідаў  створана  для  таго,  каб  спрыяць  інтэграцыі  людзей  з  абмежаванымі  магчымасцямі  ў  грамадства, — падкрэсліла  Людміла  Данільчык,  старшыня  раённай  арганізацыі  Беларускага  таварыства  інвалідаў.  Часам  інваліды,  імкнучыся  даказаць  сваю  паспяховасць,  дамагаюцца  большага,  чым  звычайныя  людзі.

На  гэтай  пасадзе  я  ўсяго  год,  таму  з  групай  аднадумцаў  яшчэ  толькі  фарміруем  наш  актыў,  прымаем  удзел  у  шматлііх  мерарыемствах,  якія  праводзяцца  ў  раёне  і  вобласці,  стараемся  крочыць  у  нагу  з  часам,  займацца  пасільнымі  фізічнымі  нагрузкамі,  творчасцю.

Наша  таварыства  дзякуючы  дабрачыннасці  Ю. У Грынюка,  мае  ўласнае  памяшканне,  дзе  ёсць  цяпло  і  неабходныя  санітарна-гігіенічныя  ўмовы.  Абсталяваннем  і  навядзеннем  утульнасці  займаюцца  нашы  руплівыя  ўмеліцы  і  на  ўсе  рукі  майстрыхі:  Т. В.  Паўлычава,  Т. Л. Маркава,  К. У. Нікіціна,  Г. М. Старповіч,  А. Л. Старавойтава,  Н. М. Дзяржанская,  А. В. Кудлоўская,  Т. В. Сямёнава  і  многія  іншыя.

Мы  вельмі  ўдзячныя  нашым  фундатарам  К. І Грасевічу, Ю. У Грынюку,  А. М. Сямёнавай,  фонду  ”Табея”,ААТ  “Лента”,  грамадскай  арганізацыі  “Благо”  і  іншым  добрым  лдзям  за  падтрымку  і  дапамогу.

У  нас  шмат  планаў  і  цікавых  задум  па  арганізацыі  адпачынку  і  культурных  мерапрыемстваў.  Мы  маем  дамоўленасць  з  Бабруйскім  драмтэатрам,  на  наведванне  іх  праграм  і  спектакляў,  праводзім  майстар-класы  па  вышыванні,  па  канзашы,  вязанні.  Ёсць  жаданне  наведваць  басейн,  зсталося  толькі  знайсці  транспарт,  можа  ,  дзякуючы  гэтай  публікацыі,  хто  небудзь  прапануе  нам  дапамогу  і  падтрымку.

Людзі  з  інваліднасцю  абмежаваныя  фізічна,  але  яны  бязмежныя  ў  сваіх  здольнасцях,  талентах  і  імкненні  да  самавыяўлення.  Дзякуючы  велізарнай  сіле  духу  і  волі,  гэтыя  людзі  дабіваюцца  поспехаў  у  самых  разнастайных  сферах:  навуцы,  бізнэсе,  мастацкай  творчасці,  мастацтве,  спорце.

Няправільна  думаць,  што  ў  Дзень  інвалідаў  людзі  з  абмежаванымі  магчымасцямі  здароўя  чакаюць  ад  астатняга  насельніцтва  жалю.  Хутчэй  яны  чакаюць  павагі  і  прызнання  іх  магчымасцяў,  абароны  годнасці,  правоў  і  дабрабыту.

Алина  СУДНІК