Члены Бабруйскай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Міжнародны дзень інвалідаў адзначылі сустрэчай у сельскім Доме культуры пас. Туголіца.
Тут намаганнямі работнікаў і выхаванцаў установы, а таксама творча адоранымі прадстаўнікамі “пярвічак” была наладжана цікавая канцэртная праграма. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі актыўна падтрымлівалі артыстаў, з лёгкасцю падхоплівалі знаёмыя радкі вядомых песень, шчыра дзякавалі за ўвагу.
Вітаючы прысутных, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чарнова нагадала аб рабоце, якая праведзена і праводзіцца ў раёне па падтрымцы людзей з абмежаванымі магчымасцямі, сацыялізацыі апошніх у грамадства. Выказала спадзяванні, што клопат, які праяўляецца, членам арганізацыі адчувальны, і пажадала ўдзельнікам сустрэчы здароўя, дабрабыту, увагі, цеплыні родных. І абавязкова — бадзёрасці духу, пошукаў да самарэалізацыі, якія б разнастаілі жыццё, напоўнілі яго сэнсам.
Аб рабоце раённай арганізацыі інвалідаў за год — па ўсіх напрамках дзейнасці — далажыла старшыня арганізацыі Любоў Шушлянікава. Яна ў каторы ўжо раз падзякавала кіраўніцтву і калектывам прадпрыемстваў, якія не адмаўляюць у спонсарскай падтрымцы, у прыватнасці, ПУП “Белгандальптушка” (дырэктар Дзяніс Прышчэпа), Бабруйскаму філіялу ААТ “Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай” (дырэктар Мікалай Неўмяржыцкі), Асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Бабруйска (старшыня Тэймураз Бачарышвілі, выканаўчы дырэктар Аляксандр Марчанка, галоўны бухгалтар Таццяна Пінчук), дырэктару Туголіцкага СДК Наталлі Дарафеевай і ўсяму калектыву ўстановы, кіраўніку Туголіцкай “пярвічкі” Вользе Каратоўскіх і іншым, дзякуючы чыёй падтрымцы арганізацыя ўручыла старшыням “пярвічак” падарункі за актыўную работу, а ўсім членам — прадуктовыя наборы.
Сустрэча за салодкім сталом атрымалася надзвычай цёплай, падаравала інвалідам цудоўныя хвіліны адпачынку. За цікава праведзены час яны выказвалі падзяку ўсім, хто не застаецца абыякавым да чужой бяды, і, вядома ж, свайму дзейснаму, энергічнаму і клапатліваму лідару.
Алена КАРПЕНКА.
Фота аўтара.