Главная » Бобруйская РО » Ушанавалі памяць абаронцаў Айчыны

Ушанавалі памяць абаронцаў Айчыны

Гэтымі днямі жыхары Беларусі па ўсёй краіне ўшаноўваюць памяць абаронцаў Айчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: тых, каму не пашчасціла выйсці з жахлівага пекла жывымі, і тых, хто вайну выстаяў, але не дажыў да дзён сённяшніх. У баку ад гэтых падзей па традыцыі не засталася і раённая арганізацыя ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”.5 мая члены арганізацыі прынялі ўдзел у штогодных мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня Перамогі, якія праводзяцца на тэрыторыі былога ваеннага гарадка Кісялевічы ў Бабруйску. Разам з іншымі прадстаўнікамі грамадскасці горада яны ўсклалі кветкі да помнікаў на ваенных могілках, а таксама да мемарыялу “Героям Дняпроўскай флатыліі”, прынялі ўдзел ва ўрачыстым мітынгу.

Завяршылася святочная праграма для членаў грамадскай арганізацыі — усяго з розных куткоў раёна прыехала каля 80 чалавек — “салодкім сталом” на ўлонні прыроды і цудоўнай канцэртнай праграмай.

У размове з журналістамі старшыня камісіі па сацыяльных пытаннях Мікалай Самонаў заўважыў, што, прыцягваючы людзей з абмежаванымі магчымасцямі да ўдзелу ў такіх мерапрыемствах, арганізацыя за галоўную мэту ставіць грамадзянска-патрыятычнае выхаванне — маладыя яе члены павінны ведаць імёны тых, хто абараняў Радзіму ад ворага, ганарыцца воінамі-пераможцамі і сваёй краінай.

Усім прысутным у гэты дзень былі ўручаны наборы з прадуктаў харчу.

Алена КАРПЕНКА

Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА

Крынiца: Трыбуна працы