Главная » Безбарьерная среда » Валожынскімі сцежкамі

Валожынскімі сцежкамі

Мы ўжо неаднаразова расказвалі пра ініцыятывы, што ладзяцца ў Беларусі пры падтрымцы Праграмы развіцця ААН і фінансуюцца Еўрапейскім Саюзам. Сёння хочацца распавесці пра асобны рэгіён – Валожыншчыну, якая дзякуючы шэрагу цікавых праектаў прыдбала некалькі адметнасцяў.

Мядовыя сны

Госці аграсядзібы «Мядовая каралева» дзякуючы здзейсненай ініцыятыве «Апідомік пры аграсядзібе і СФГ “Мядовая каралева”» маюць незвычайную магчымасць… паспаць па вуллях. У Беларусі пра такую карысную працэдуру яшчэ мала ведаюць, але ў іншых краінах (напрыклад, у той жа суседняй Украіне) яна карыстаецца папулярнасцю.

У невялікім драўляным дамку – водар мёду і воску. Па абодва бакі ад уваходу зробленыя дзве высокія ляжанкі, унутры якіх знаходзяцца вуллі. У ляжанках – трохміліметровыя адтуліны: дзякуючы гэтаму паветра насычаецца мядовым пахам, у памяшканні чуецца гудзенне пчолаў, але самі яны ў дамок не трапляюць – шчыліны занадта малыя, а ляткі вулляў знаходзяцца звонку. Ахвочыя адпачыць на вуллях кладуцца на ляжанку, дзе можна паспаць, а можна проста спакойна паляжаць, падумаць, расслабіцца, засяродзіцца. Ці не такой супакоенасці часам не хапае? Пасля некалькіх сеансаў у пчаліных пацыентаў нармалізуецца сон, праходзіць стомленасць. Дарэчы, тэлефоны браць з сабою ў дамок нельга: пчолы адчуваюць іх і не любяць, патлумачыла гаспадыня сядзібы Анастасія Хаўрук.

Птушка, я цябе бачу!

Воложин без барьеров, Валожын без бар'ераў

Дзмітрый Наканечны расказвае пра крылатых гасцей Сакаўшчынскага вадасховішча.

Бёрдвотчынг, або назіранне за птушкамі, у Беларусі толькі набірае папулярнасць. Між тым гэтая справа аднолькава цікавая і для дзяцей, і для дарослых. Здзяйсненне ініцыятывы «Птушка ў аб’ектыве» па назіранні за птушкамі стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву гаспадароў аграсядзібы «За масточкам», Сакаўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплексу і Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У яе межах была створаная пляцоўка для назірання за птушкамі на Сакаўшчынскім вадасховішчы – сапраўды ўнікальным месцы.

– Вадасховішча знаходзіцца на Заходняй Беразіне, і там, дзе рэчышча ракі найбольш блізка падыходзіць да вадаёма, і была створаная пляцоўка, – расказаў каардынатар ініцыятывы і гаспадар сядзібы «За масточкам» Дзмітрый Наканечны. – З дапамогай закупленага абсталявання тут можна ўбачыць разнастайных птушак – белую чаплю, лебедзя-клікуна, зімародка – які, дарэчы, з’яўляецца сімвалам Валожынскага раёна. Увесну можна назіраць гусей і качак, увосень – жураўлёў.

Каб лягчэй было пазнаць убачаную птушку, на сцяне пляцоўкі размешчаны плакат з выявамі птушак. Яшчэ на адным стэндзе – крылатыя з Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь, якія таксама бываюць у гэтых мясцінах.

Пляцоўка адметная яшчэ і тым, што з’яўляецца безбар’ернай: інвалід-калясачнік можа патрапіць на яе і рухацца па ёй без перашкодаў. Імкнуцца да безбар’ернасці і гаспадары аграсядзібы «За масточкам», прыкладаючы намаганні, каб у іх уладаннях было добра і зручна адпачываць лю-дзям з інваліднасцю.

Куды вядзе экасцяжына?

Воложин без барьеров, Валожын без бар'ераў

Маленькія гаспадары сядзібы на вуллях могуць дняваць і начаваць.

Апошні прыпынак на Валожыншчыне робім у Налібоцкай пушчы. Цягам некалькіх гадоў у межах праекта «Валожын без бар’ераў: узмацненне магчымасцяў для прадастаўлення сацыяльных і рэкрэацыйных паслугаў для людзей з інваліднасцю ў Валожынскім раёне» тут, у пушчы, ішло стварэнне экасцяжыны, прайсці па якой маглі б і людзі з інваліднасцю – калясачнікі і невідушчыя. Паколькі такі вопыт у Беларусі першы і пакуль адзіны, не абышлося без цяжкасцяў. Але экасцяжына ўсё-такі з’явілася, і цяпер карыстацца ёю могуць усе ахвочыя.

Перарэзаная стужка, і першымі на экасцяжыну выязджаюць вандроўнікі ў інвалідных калясках. Дарэчы, экалагічнасць сцяжыны адчуваецца з першых крокаў: яна пакрытая гранітнай крошкай з кар’ера ў Мікашэвічах. Такое пакрыццё дапаможа арыентавацца людзям са слабым зрокам і дазволіць ім не збіцца з дарогі. Даўжыня сцяжыны без малога 1 300 метраў, яна ўяўляе сабою замкнёную фігуру ў выглядзе васьмёркі. Працягласць, здавалася б, невялікая, але маршрут прадуманы так, што на невялікай прасторы можна ўбачыць розныя тыпы лесу – ліставы, хваёвы, змяшаны – і разнастайныя біятопы: лес, луг, раку.

Калі вандроўка стане натомнай, варта адпачыць. Сцяжына абсталяваная альтанкамі, куды можна патрапіць па зручным пандусе. Асобны і вельмі важны момант – тры прыбіральні, прыстасаваныя для людзей з інваліднасцю.

Старшыня Валожынскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Міхаіл Аркадзьевіч Невядомскі вандруе па Налібоцкай пушчы разам з жонкай. Цікаўлюся, ці падалася яму экасцяжына зручнай?

– Так, пастараліся, абсталявалі яе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Але невідушчым людзям, калі яны без кульбы, усё роўна складана тут арыентавацца.

– Калі я вяду мужа, яму, канешне, лягчэй ісці, – уступае ў размову жонка Міхаіла Аркадзьевіча. – А аднаму з кульбай тут складана, хаця па пакрыцці сцежкі можна зразумець, правільна ты ідзеш ці збочыў з дарогі.

Воложин без барьеров, Валожын без бар'ераў

Першымі на экасцяжыну ступаюць калясачнікі.

Цягам вандроўкі тут і там сустракаюцца стэнды, каля якіх хочацца затрымацца. Бадай што кожнага зацікавяць тактыльныя макеты – напрыклад, сілуэты двух відаў рыбаў, фарэлі і харыуса, якія водзяцца ў заказніку. Дакраніся да іх – і лепей можна будзе ўявіць, як выглядаюць гэтыя рыбы. Праўда, прагучала пажаданне, каб макеты былі ўсталяваныя не прама, а пад невялікім вуглом: так людзям з аслабленым зрокам будзе зручней вывучаць іх навобмацак.

Яшчэ адзін тактыльны макет – і пад пальцамі нібы варухнуўся вялікі краншнэп: назву птушкі змогуць даведацца і тыя, хто валодае шрыфтам Брайля.

Немагчыма абмінуць і выразаныя з дрэва фігуры жывёлаў – зайца, які нібыта спалохана прыціснуў вушы, магутнага зубра, прыгажуна аленя… Да нагрэтага сонцам дрэва прыемна дакранацца і ўяўляць, што гладзіш па спіне ці за вухам сапраўднага ляснога жыхара, які раптам выйшаў з гушчару на паляну.

– Бавячы час на прыродзе, чалавек можа зразумець, што ён таксама частка прыроды, – казаў дырэктар рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» Васіль Гуркоў. – Экасцяжына дапаможа зразумець людзям з інваліднасцю, што і яны таксама частка прыроды, дапаможа ім паўнавартасна адпачыць.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

газета «Вместе!»