Главная » Кировская РО » Падзяліліся цеплынёй сэрцаў

Падзяліліся цеплынёй сэрцаў

001

Патрэбу ў душэўнай цеплыні блізкіх, спагадзе і разуменні, падтрымцы ў складаныя моманты жыцця мае кожны чалавек незалежна ад узросту і сацыяльнага становішча. Для членаў таварыства інвалідаў, людзей па тых або іншых прычынах страціўшых здароўе, гэтыя маральныя катэгорыі набываюць асаблівае значэнне. І любая праява клопату і ўвагі з боку грамадскасці ўспрымаецца імі з удзячнасцю.Добры настрой і задавальненне ад прадастаўленай магчымасці сустрэцца, пагаварыць, успомніць былыя гады, разам цікава правесці час панавалі ў чарговы раз у зале Кіраўскага РЦСАН, дзе для членаў раённай арганізацыі таварыства інвалідаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адзінокіх пажылых людзей былі наладжаны салодкі стол і музычная праграма. Мерапрыемства было прымеркавана да Міжнароднага дня інвалідаў, які штогод адзначаецца ў нашай краіне. Тых, хто па стане здароўя не змог прыйсці на сустрэчу, актывісты таварыства наведалі на даму. Прысутных вітала в.а. дырэктара РЦСАН Таццяна Дашкевіч, якая нагадала аб тых сацыяльных гарантыях, якія прадастаўляюцца дзяржавай членам таварыства інвалідаў, а таксама выказала ўсім шчырыя словы падзякі за мужнасць і цярпенне, з якімі гэтыя людзі пераадольваюць выпаўшыя на іх долю жыццёвыя цяжкасці, за аптымізм, пажадала здароўя, дабрабыту і цеплыні родных, блізкіх, знаёмых. Свае песні пад акампанемент Валяціны Русецкай гасцям дарылі Людміла Лагойка, Людміла Кіхтэнка, Ганна Салановіч. Весела, з запалам выканала прыпеўкі Марыя Бячкова. Гучнымі апладысментамі віталі прысутныя Ніну Катлінскую, якая піша гумарыстычныя песні і выконвае іх.

002

Не застаўся толькі гледачом ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Антонавіч Буслаў, які актыўна падпяваў песні сваёй маладосці. З цікавасцю ўсе разглядалі выставу работ: вязаныя дзіцячыя рэчы, розныя сурвэткі, вышыўкі. Іх прадаставілі Соф’я Крыванос, Зінаіда Іванова, Кацярына Рудзько. Жанчыны рукадзельніцы атрымалі памятныя сувеніры. А самае галоўнае, ніхто з гасцей у той дзень не застаўся без увагі.

Людміла ЛУКАНОВІЧ,
старшыня раённай арганізацыі таварыства інвалідаў.